Рейтинг@Mail.ru
Уважаемый пользователь! Ваш браузер не поддерживает JavaScript.Чтобы использовать все возможности сайта, выберите другой браузер или включите JavaScript и Cookies в настройках этого браузера
Регистрация Вход
Войти в ДЕМО режиме

Добро смолчится, а худое молвится.

Святло каштоўнасцей духоўных.

Назад

 

Кніга пад назвай “Святло каштоўнасцей духоўных” (пад агульнай рэдакцыяй загадчыкаў кафедр беларускай культуры і фалькларыстыкі і беларускай мовы прафесараў ГДУ імя Ф. Скарыны, доктараў філалагічных навук В. С. Новак і А. А. Станкевіч) расказвае пра гэтыя самыя дыяменты Жлобін­шчыны. Выданне пабачыла свет дзякуючы фінансавай падтрымцы Жлобінскага райвыканкама.

Адкрываецца зборнік артыкулам яго старшыні Леаніда Апанасюка пра сённяшні дзень раёна, знакамітых землякоў, калектывы прад­прыемстваў, што ўслаўляюць край сваёй працай…

А першыя людзі з’явіліся тут яшчэ каля 10 тысяч год да нашай эры. На правым беразе Дняпра — самая ранняя стаянка чалавека на тэрыторыі Жлобіншчыны, каля вёскі Шыхаў. Яна прымяркоўваецца да эпохі позняга мезаліту. Першыя ж пісьмовыя згадкі пра край былі ў часы Вялікага княства Літоўскага.

У першыя месяцы Вялікай Айчыннай на Жлобін­шчыне па-геройску дзейнічаў 63 стралковы корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Л. Р. Пятроўскага, які здолеў разбіць міф пра непераможную гітлераўскую армію, больш чым на месяц затрымаў праціўніка на Дняпры, што паспрыяла вывезці тысячы жыхароў і 56 прадпрыемстваў з Гомеля, Жлобіна, Рагачова.

Пра гэтыя і многія іншыя гістарычныя падзеі і факты напісалі вучоныя В. Лебедзева, А. Кіштымаў, А. Макушнікаў, М. Мурашка.

З артыкула доктара філалагічных навук, прафесара А. Рогалева даведваемся, што ў канцы XV стагоддзя Жлобін меў назву Хлепен (Хлепень). “Ніякага перайменавання ў дадзеным выпадку не адбылося. Хутчэй за ўсё, Хлепен і Жлобін — два суседнія населеныя пункты, якія са старадаўніх часоў знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці адзін да аднаго”, — заўважае вучоны. Аказваецца, геаграфічная назва Жлобін першапачаткова выступала ў форме Злобін. Такая змена гукаў распаўсюджаная ва ўсходніх славян. На думку А. Рогалева, назва Злобін гістарычна з’яўлялася адносным прыметнікам. І яе можна трактаваць як “пасяленне на злобе” — на ўзвышшы, высокім беразе.

Вучоны дае цікавыя тлумачэнні і шматлікіх іншых назваў населеных пунктаў раёна.

“Вясна, вясняначка,

Дзе твая дачка Мар’яначка?

Сядзіць у садочку, шые сарочку

Свайму сыночку Васілёчку”, —

такой песняй гукалі вясну ў вёсцы Гарадок Жлобінскага раёна. А ў Верхняй Албе, упершыню выпраўляючы карову ў поле з зімы, абходзілі яе ў двары тройчы з хлебам-соллю і свечкамі. Пры гэтым прамаўлялі: “Выганяю цябе, кароўка, на крутую горку, на шаўковую траву. Рожкамі каліся, ножкамі тапчыся, хвосцікам махай, сваё малачко нікому не аддавай…”

Старонкі каляндарна-абрадавага фальклору, адметнасці народных традыцый зафіксавалі прафесар Валянціна Новак, асістэнт кафедры Святлана Вяргеенка і дацэнт Алена Палуян разам са студэнтамі падчас вучэбнай фальклорнай практыкі. Шчодра прадстаўлены і абразкі сямейна-абрадавага фальклору, занатаваныя ў экспедыцыях па Жлобіншчыне. Напрыклад, у вёсцы Мормаль існаваў такі звычай: калі нявеста ішла да шлюбу цяжарнай, яе маці на вяселлі накідвалі хамут і запрагалі ў сані за тое, што не зберагла дачку.

У кнізе шырока прадстаўлены інфарматары фальклору — вясковыя жанчыны, якія ведаюць замовы ад самых розных бед-напасцяў. Напрыклад, жыхарка вёскі Касакоўка Варвара Сцяпанаўна Троцкая можа параіць, як знішчыць любоў нежаданага. Цытую: “Трэба астудзіць у стакане вады кусок раскаленага да красна жалеза, затым сказаць на ваду слова так, штобы дыханне паветра касалася вады:

— Іменем Адоная, да пагасне ў цябе страсць падобна таму, як жалеза астыла ў той вадзе (5 разоў). І выпіць ваду адразу”.

Іменаслоў сучаснага Жлобіна з 2002 па 2008 год прадстаўляе ў зборніку прафесар Аляксандра Станкевіч. Цікава, што самымі папулярнымі мужчынскімі імёнамі ў гэты перыяд у горадзе былi Мікіта, Максім, Уладзіслаў, Аляксандр, Арцём, Кірыл, Дзмітрый, Аляксей, Ілья, Іван, Данііл. А сярод жаночых — Анастасія, Дар’я, Вікторыя, Ганна, Кацярына, Лізавета, Аліна, Паліна, Ксенія.

Найбольш распаўсюджаныя на жлобінскай зямлі прозвішчы прадставіў у сваёй публікацыі дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Бобрык. Доктар фізіка-тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Лін даследуе дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.

Усім, хто возьме ў рукі гэтую кнігу, прыемна будзе пазнаёміцца і з біяграфіямі Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, ганаровых грамадзян раёна, вядомых дзеячаў навукі і асветы, культуры, літаратуры і мастацтва.

Кніга аб’ёмам 543 старонкі цудоўна ілюстравана каляровымі фотаздымкамі, якія перадаюць і прыгажосць магутнага Дняпра ў ваколіцах Жлобіна, і каляны марозчык зімовага ранку, і пяшчотнасць “сонейкаў” на вербнай галінцы, і такі знаёмы з дзяцінства грыбны водар у зацішку сасновага бору…

“Святло каштоўнасцей духоўных” — цудоўны кніжны падарунак у Год роднай зямлі. Верыцца, што зборнік на доўгі час стане візітоўкай Жлобіншчыны


Источник: http://kraeved.zhlobinedu.by/%D1%81%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%BB%D0%BE-%D0%BA%D0%B0%D1%88%D1%82%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%86%D0%B5%D0%B9-%D0%B4%D1%83%D1%85%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D1%8B%D1%85/
Автор: Муртазин Наиль Варисович

Яндекс.Метрика
© 2015-2024 pomnirod.ru
Кольцо генеалогических сайтов